Што насамрэч дае Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей аб’ектам спадчыны ў Беларусі?

Беларускія медыя рэгулярна «ўскіпаюць» ад навін аб разбурэнні альбо занядбанасці важных для нашай культуры помнікаў. Спецыялісты ў ахове культурнай спадчыны, бізнэсоўцы, актывісты і многія іншыя неабыякавыя абураюцца дзеяннямі альбо бяздзеяннем дзяржаўных службоўцаў. Агульнапрынята лічыць уключэнне будынка ў Дзяржаўны спіс першым і важнейшым крокам яго ратавання. Але што адбываецца далей? І ці не здараецца часам так, што на практыцы ўключэнне помніка ў Дзяржспіс не заўсёды гарантуе яго захаванне, у той час як многія помнікі набываюць новае жыццё, перадусім дзякуючы высілкам асобных людзей альбо супольнасцей?
Беларускі камітэт ICOMOS запрашае паглядзець больш пільна на ўсю карціну такіх рознародных сітуацый і супольна прааналізаваць эфектыўнасць Дзяржспіса як найпершага інструмента культурнай палітыкі ў захаванні спадчыны.
Арганізацыя шукае паказальныя кейсы, якія ілюструюць наступныя сцэнары:
- Калі каштоўны аб'ект знаходзіўся пад пагрозай зносу і яго ўнясенне ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей сапраўды паспрыяла захаванню і аднаўленню, аб'ект быў уведзены ў эксплуатацыю;
- Калі аб'ект з наданым статусам гісторыка-культурнай каштоўнасці гадамі стаіць закінуты і занядбаны, інвестар на яго не знаходзіцца або пасля некалькіх спроб пачаць працы адмаўляецца;
- Калі каштоўны аб'ект не мае статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, аднак яго аднаўленне адбываецца згодна методыцы рэстаўрацыі з павагай да аўтэнтычных элементаў і ролі ў гісторыі;
- Калі грамадская актыўнасць, арганізаваная вакол каштоўнага аб'екта з мэтай яго захавання, сапраўды садзейнічала яго аднаўленню і ўвядзенню ў эксплуатацыю, у незалежнасці ад таго, унесены ён у Дзяржспіс ці не.
Прапанаваць на разгляд кейсы можна да 10 чэрвеня 2020 года (уключна), даслаўшы ліст на электронную скрыню: belarus.icomos@gmail.com.
У апісанні неабходна ўказаць:
- назву аб’екта, яго месцазнаходжанне;
- яго кароткую гісторыю (100-200 слоў);
- кантакты асобы ці арганізацыі, ад якіх можна даведацца больш інфармацыі.
Сабраныя кейсы будуць прадстаўленыя падчас навукова-практычнай канферэнцыі «Права на спадчыну» і Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей: Выклікі і рашэнні», што мае адбыцца 19-20 чэрвеня 2020 года офлайн ці анлайн.
Арганізатары падзеі імкнуцца прааналізаваць ілюстрацыі эфектыўнасці альбо неэфектыўнасці працы такога інструмента, як Дзяржспіс, у дыялогу з адказнымі органамі ўлады. А выніковы аналітычны дакумент, складзены паводле сабраных кейсаў, дазволіць экспертам (сярод якіх можаце быць і вы) акрэсліць наступныя крокі ў адвакатаванні неабходных змен у прававым рэгуляванні працы са спадчынай.
Даведка:
«Права на спадчыну» — серыя супольных мерапрыемстваў Беларускага камітэта ICOMOS і МНДА «ЕўраБеларусь», прысвечаных выпрацоўцы актуальных і дзейсных практык кіравання спадчынай прафесійнымі, лакальнымі і іншымі супольнасцямі.
Першай падзеяй — ужо ва ўмовах пандэміі — стаў анлайн-семінар «Партысіпатыўнае кіраванне культурнай спадчынай: у пошуках эфектыўнай мадэлі для Беларусі», на якім каля 20 грамадскіх і культурніцкіх актывістаў абмеркавалі шляхі развіцця практык удзелу разнастайных супольнасцей. Далей чакаюцца канферэнцыя, а таксама лекцыі і круглы стол з удзелам замежных экспертаў у галіне спадчыны.



